МАРСКА́Я ПЯХО́ТА,

род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.

Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл. Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т.л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс. чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял. Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.

Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т.л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс. чал., 1998).

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;

Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;

Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.

У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.

Да арт. Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 10, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)